Кіраўніца грамадзянскай кампаніі «Наш дом» Вольга Карач паведаміла «Свабодзе», што атрымала ліст з аддзелу адукацыі, спорту і турызму Адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Віцебску, у якім напісана, што яе сын «непаўнагадовы Сьвятаслаў Карач-Баршчэўскі не прызнаны тым, хто знаходзіцца ў сацыяльна небясьпечным становішчы».
У сьнежні летась Вольга Карач нарадзіла сына Сьвятаслава ва Ўкраіне. Празь некалькі тыдняў пасьля таго, як бацькі вярнуліся ў Беларусь, у Віцебск, мясцовыя ўлады пачалі правяраць ўмовы ўтрыманьня дзіцёнка. На думку кіраўніцы кампаніі «Наш дом» гэтыя праверкі былі зьвязаныя зь яе актыўнай грамадзкай дзейнасьцю.
Вольга Карач напісала адкрыты ліст Аляксандру Лукашэнку, у якім паскардзілася на падвышаную ўвагу да яе сям’і з боку дзяржаўных органаў і папрасіла паспрыяць вырашэньню гэтай праблемы.
Як гаворыцца ў лісьце, «сыгнал пра тое, што дзіця знаходзіцца ў Віцебску без законных прадстаўнікоў і што яго даглядае бабуля, паступіў 16 студзеня», пасьля чаго «17 студзеня работнікі віцебскай школы №4 дасьледавалі ўмовы жыцьця і выхаваньня непаўнагадовага».
У атрыманым лісьце за подпісам начальніка аддзелу адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Віцебску Пахолкіна гаворыцца, што «Пры высьвятленьні фактаў невыкананьня і неналежнага выкананьня бацькамі Карач-Баршчэўскага сваіх абавязкаў, такое рашэньне (аб праверцы – РС) прынята ў адпаведнасьці з дзейным заканадаўствам.
Камэнтуючы для «Свабоды» адказ чыноўнікаў, Вольга Карач адзначыла:
«Чамусьці чыноўнікі, калі пішуць адказы, сарамліва ўтойваюць тое, што яны прыходзілі ўжо 13 студзеня, а не 17. Таму, зразумела, і журналісты тэлефанавалі раней. Атрымоўваецца, што віцебскія чыноўнікі даказалі, што існуе машына часу – бо камісіі прыйшлі раней, чым нас паставілі на ўлік. Па-другое, мы жанатыя ўжо 14 гадоў, у нас сям’я, якая ня п’е і ня паліць, мы абодва працуем. Чаму нашая сям’я пастаўленая на ўлік як «праблемная»? І наагул што гэта за ананімныя званкі грамадзянаў, якія дазваляюць ставіць на ўлік любую сям’ю? А калі я ананімна патэлефаную наконт сям’і Александра Лукашэнкі, яго таксама паставяць на улік як «праблемную сям’ю»?
Чытаць ліст можна тут.