24 траўня, паралельна з “Мінскім дыялогам”, адбылася пасяджэньне камiтэта Форума «Свабоду палітвязьням!». На сустрэчы прысутнiчала прадстаўнік МЦГІ “Наш Дом” Наталля Гарачка. Сход прыняў заяву па палітычных вязьнях і рэпрэсіях.


Рэжым Лукашэнкі працягвае ўтрымліваць у турмах палітвязняў і праводзіць рэпрэсіі супраць іншадумцаў.

 Тым часам, еўрапейская супольнасць, якая зняла санкцыі супраць рэжыму ў выніку вызвалення шасці палітычных зняволеных у жніўні 2015 года, вядзе з уладамі «шырокі дыялог». Многія еўрапейскія палітыкі праводзяць афіцыйныя  сустрэчы ў Адміністрацыі Лукашэнкі, МЗС, Палаце прадстаўнікоў, і гэта выглядае як падтрымка рэжыму. На  шматлікіх сустрэчах, у тым ліку і “Мінскім дыялогу”, гаворка ідзе пра супрацу з дзяржаўнымі органамі, а тэма рэпрэсіяў супраць грамадзян Беларусі адсунута ўбок.

Між тым, рэжым пачаў новую хвалю рэпрэсіяў супраць незалежнага грамадства і дэмакратычных актывістаў. У Беларусі зноў сядзяць у турмах палітычныя зняволеныя. Актывістаў штрафуюць за ўдзел у мірных акцыях і канфіскоўваюць маёмасць у выніку нявыплаты штрафаў.

Да 7 гадоў турмы па сфабрыкаванай справе прысуджаны вядомы краязнаўца Алесь Юркойць.

Супраць праваабаронцы Міхаіла Жамчужнага, які знаходзіцца ў Горацкай калоніі, ўжываецца фізічная сіла. Працягваецца ціск на палітычных зняволеных Іллю Валавіка, Змітра Цехановіча, Вадзіма Бойку, Філіпа Іванова, Змітра Паліенку ды іншых.

Да трох гадоў калоніі прысуджаны Святаслаў Барановіч, які абараняў мірных дэманстрантаў ад пераапранутых супрацоўнікаў міліцыі.

Па сфабрыкаванай справе пад следствам кіраўнік незалежнага прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч і кіраўнік Менскай гарадской арганізацыі  прафсаюза РЭП Ігар Комлік – ім пагражае да 7 гадоў пазбаўлення волі.

Сотні людзей караюць буйным штрафам за ўдзел у мірных акцыях пратэсту. Улады канфіскавалі лецішча і зямельны ўчастак за нявыплату штрафаў у актывісткі Ніны Багінскай, апісалі дом у рэжысёра Вольгі Мікалайчык. Рэжым аказвае ціск на ўжо вызваленых палітвязняў — Мікалая Статкевіча, Мікалая Аўтуховіча, Кацярыну Садоўскую, Алесю Садоўскую, Змітра Дашкевіча і іншых.

Дэманстратыўныя рэпрэсіі, арышты, штрафы і гвалт, а таксама абражаючыя чалавечую годнасць вязняў турэмныя ўмовы паказваюць: рэжым не мяняецца.

Мы, прадстаўнікі палітычных партыяў, грамадскіх арганізацыяў і праваабаронцы:

— Патрабуем неадкладнага вызвалення, рэабілітацыі і аднаўлення ў правах усіх палітвязняў;

— Патрабуем спынення палітычна матываванага пераследу, гвалту і штрафаў за мірныя акцыі пратэсту;

— Заклікаем беларускае грамадства да салідарнасці з палітвязнямі і ахвярамі рэпрэсій;

— Заклікаем міжнародную супольнасць падтрымаць дэмакратыю, законнасць і незалежнасць  Беларусі – і паставіць умовай дыялогу з Лукашэнкам вызваленне ўсіх палітвязняў і спыненне палітычных рэпрэсіяў.


Менск, 24 траўня 2018 года

Exit mobile version