21 траўня адбылася акцыя салідарнасці ў падтрымку Змітра Паліенкі. На ёй прысутнічала і праваабаронца Наталля Гарачка. Актывіст Вячаслаў Касінераў распавёў пра ініцыятыву «Крытычная маса». Таксама ўзгадалі брутальнае затрыманне ў красавіку 2016-га.

Вячаслаў Касінераў. Фота Наталлі Гарачка

— Упершыню мы пазнаёміліся на пікетах каля Расійскай амбасады, — кажа Наталля пра Паліенку. — Тады мы не далі міліцыянтам скрасці яго. Пасля гэтага бачыліся часцей і пасябравалі.

Нагадаем, Зміцер Паліенка быў затрыманы і асуджаны за ўдзел у акцыі «Крытычная маса». Тады адбыўся жорсткі разгон велапрабегу. Хлопцу прысудзілі два гады зняволення з двухгадавой адтэрміноўкай. Але за актыўную грамадскую дзейнасць Змітра адмыслова «лавілі», каб прысудзіць чарговае парушэнне. Такім чынам, у 2017-м годзе была адменена адтэрміноўка. Паліенку перавялі ў папраўчую калонію. Там ён церпіць здзекі і перадузятае стаўленне з боку адміністрацыі.

Зміцер Паліенка

Цяпер Зміцер Паліенка прызнаны палітвязнем. Болей за тое. Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала яго вязнем сумлення. Яны канстатавалі, што Паліенка «быў зняволены выключна за мірнае ажыццяўленне сваіх правоў на свабоду слова і свабоду мірных сходаў». Amnesty International патрабуе вызваліць яго неадкладна і безумоўна.

Таксама 21 траўня грамадскія актывісты падпісалі зняволенаму паштоўкі. 26 траўня ў Змітра будзе дзень народзінаў. Заклікае павіншаваць хлопца і «Наш Дом». Вы можаце напісаць яму на адрас: Дзмітрыю Паліенку, ПК-2, вул. Сікорскага, 1, г. Бабруйск, Магілёўская вобласць, 213807.


«Наш Дом»

Exit mobile version