Намесьнік генэральнага пракурора на канфэрэнцыі ў Менску расказаў пра тое, як міліцыя ў Маладзечне патрабавала тлумачэньняў у 7-гадовага дзіцяці…

Учора ў Менску праходзіла канфэрэнцыя «Актуальныя пытаньні прафіляктыкі правапарушэньняў». Выступаючы з дакладам, намесьнік генэральнага пракурора Аляксандр Лашын распавёў пра выпадак, які адбыўся ў Маладзечне.

— Там 7-гадовы хлопчык зьеў у гіпэрмаркеце булачку за 90 капеек. У дачыненьні да дзіцяці пачалі адміністрацыйны працэс па арт. 10.5 КаАП «Дробны крадзеж». Супрацоўнікі праваахоўных органаў дамагаліся ад яго прызнаньня віны і патрабавалі, цытую — «тлумачэньняў», — сказаў Аляксандр Лашын.

У дачыненьні да 7-гадовага хлопчыка пачалі адміністрацыйны працэс. За дробны крадзеж прадугледжаны штраф ад 10 да 30 базавых велічынь або адміністрацыйны арышт. Пракуратуру гэтая сытуацыя абурыла. Да таго ж, паводле Лашына, высьветлілася, гэта не адзінкавы выпадак.

Крыніца: «Радыё Свабода»