У крызіс — агульнадзяржаўны або асабісты — нічога не хочацца вырашаць. Калі ты сапраўдны мужчына, вырашаць прыйдзецца, інакш хто-небудзь ўвядзе санкцыі ці што-небудзь анэксуе. Але калі ты з рэбры, можаш дазволіць сабе некаторыя вольнасці — кінуць манетку, напрыклад.

Памнажаючы гендэрныя стэрэатыпы мы чыста па-жаночаму разабраліся з тым, як прымаць рашэнні, калі вельмі не хочацца.

Аўтар гэтага тэксту на працягу апошняга месяца пры прыняцці рашэнняў кіруецца кітайскай кнігай пераменаў Чжоў І. Пытаешся, напрыклад, у кнігі: «Ці зъехаць мне з Мордара за трыдзевяць зямель?» — и пасля нядоўгіх маніпуляцый з падкідваннем манеткі сусвет адказвае табе — «змяніце свае планы». Кніга, зразумела, ад лукавага, затое справялівая. У стане згаданага крызісу ў галаву лезуць грахоўныя думкі пра тое, што сябры-дарадчыкі нічога не ведаюць пра жыццё, а вось «Кніга Пераменаў», напісаная ў ІІ стагоддзі да н.э. і апрабаваная Канфуцыем, што свайго роду — знак якасці.

Відавочна, заўважыўшы, што колькасць жанчынаў, надзеленых уладаю, у Беларусі ўсё памнажаецца, а рашэнні яны прымаюць самыя дзіўныя, вытворцы ўсяго эзатэрычнага запоўнілі крамы таварамі, спрыяльнымі прыняццю рашэнняў рознага кшталту. За нейкія Br196 тыс. можна купіць крыштальны шар, «выдатны памочнік, які з радасцю падкажа, як паступіць у сітуацыі», «дастаткова толькі задаць пытанне і патрэсці шар». Абзавядзіся рашучая жанчына Лідзія Ярмошына такім шарам — глядзіш, і зменяцца яе рашэнні.

Грэбаванне кітайскай мудрасцю ў свой час адыграла злы жарт з добрай беларускай Надзеяй Ермаковай. Звярніся яна паўгода таму да кнігі Пераменаў, можа і не было б ніякіх 30% —ных збораў. Але Надзея Андрэеўна, відавочна, пры прыняцці рашэнняў кіравалася мудрасьцю не кітайцаў, але японскіх самураяў, а апошнія, як вядома, рашэнні прымаюць хутка — за час сямі удыхаў. А удыхні Ермакова напярэдадні рашэнні ў восьмы раз, дай сабе час на разважанні — можа не сышла бы з пасады кіраўніка Нацбанка.

Узяўшы ў абарот сексісцкую рыторыку, выкажам здагадку, што магічны шар/руны/гушча кавы маглі б ладна адкарэктаваць асобныя рашэнні жанчын, надзеленых уладай. Калі ты моцная жанчына і вырашыла баллатавацца у прэзідэнты, раскінь на картах: што было? што будзе? хто супернік?

З іншага боку, дзіўныя рашэнні прыходзяць да нас не толькі ад жанчынаў. Шматлікія патэнцыйныя кандыдаты на выбары ад апазіцыі многія гады дэманстравалі свай жаночы пачатак, не адчуваючы ў сабе сілаў выбраць набіўшага аскоміну «адзінага». Калі ў такую сітуацыю трапляе жанчына, яна робіць расклад «На чатырох каралёў» і пытаецца ў картаў, з кім ёй будзе шчасліва і стабільна.

У сітуацыі, якая склалася на гэтых выбарах, магчымасць выкарыстоўваць расклад на чатырох каралёў моцна сапсавала Таццяна Караткевіч, прыйдзецца дадаць даму. Зрэшты, калі на наступным тыдні выбіраць нікога не хочацца, але вельмі трэба прадэманстраваць сваю грамадзянскую актыўнасць, звернемся да адпаведнага раскладу.

Дапусцім, Гайдукевіч — чэрвовы кароль (ён жа сінявокі?), Лукашэнка хай будзе Бубнова, Улаховіч — кароль пік, бо непапраўна гарачы, дадаем адну даму і Статкевіча ў якасці джокера — і так, пасля нядоўгіх маніпуляцый, выбіраем адзінага, з якім сэрца супакоіцца.

З усяго гэтага відавочна, што жанчыны ў прыняцці рашэнняў руку набілі, таму Sputnik апытаў беларусак і высветліў, што рабіць, калі вырашаць катэгарычна не хочацца.

«Так сказаў магічны шар»

Таццяна Пятроўскі, журналіст

t-petr-2

Фото: из социальных сетей

У маім жыцці быў момант вельмі стандартны і даволі распаўсюджаны — мне падалося, што я зацяжарыла. А гэта наогул не ўваходзіла ў мае планы, то бок, зусім. Я зрабіла шмат тэстаў, самых дарагіх. І ўсе яны казалі, што мяне не чакае вялікі цуд мацярынства. Але тое не пераконвала мяне, а на дзень нараджэння мне падарылі магічны шар для адказаў на самыя патаемныя пытанні. І вось я ўспомніла пра яго, пакрыты тоненькім пластом пылу, і, зажмурыўшыся, спытала: «Шар, а я цяжарная?» Шар адказаў мне, што зоркі кажуць «Не». Я супакоілася… Ды ну, ні разу я не супакоілася і запісалася да лекара!

«Мне сніўся сон»

Вольга Карач, лідэр ініцыятывы «Наш Дом«

o-karach

У мяне добра развіта інтуіцыя. Напрыклад, калі хтосьці рыхтуе мне нейкія непрыемнасці ці нешта павінна здарыцца, то, як правіла, я пра гэта ведаю за некалькі дзён, нейкім чынам адчуваю. З’яўляецца такое дзіўнае пачуццё — для мяне яно ўжо як уключаная лямпачка — што нешта адбываецца, і гэта нешта відавочна нядобрае для мяне.

Таму калі сітуацыя зусім складаная, я заплюшчваю вочы і задаю пытанне ў пустэчу. Як правіла, адказ прыходзіць у выглядзе нейкіх эмоцый. Часам пытаюся: адкуль чакаць непрыемнасцяў, і таксама прыходзіць адказ.

Яшчэ бывалі дзіўныя сітуацыі са снамі. Бывала некалькі разоў у жыцці, калі сніліся сны, якія літаральна збываліся.

Сны-папярэджанні часам сняцца не толькі мне. Маёй маці прысніўся сон-папярэджанне. Сон быў аб тым, што ўвайшла сабака ў круг, дзе сабраліся нашы сябры і сям’я, і ​​раптам аказалася, што гэта воўк, які рынуўся, каб мяне ўкусіць. Як ні дзіўна, але ў хуткім часе з’явіўся чалавек, якога ўсе ўспрынялі як сябра, але які прыйшоў не з добрымі намерамі. Дзякуючы вось гэтаму сну-папярэджанню я была больш уважлівай і насцярожанай, таму шкоды вялікага ад яго не было.

Вольга Астаф’ева, пачатковец рэжысёр

Мой сябар некалькі разоў прапаноўваў мне зрабіць расклад на картах Таро — маўляў, так прасцей за ўсё зразумець, як дзейнічаць у складанай сітуацыі. Але я прыстойная хрысціянка, і Таро — не для мяне. Раілася з сябрамі, з мамай, прымала рашэнні, кіруючыся сваімі сумнеўнымі ўяўленнямі аб тым, што так будзе лепш для ўсіх/для мяне/для цябе, пакуль нарэшце не патэлефанавала таму самаму таварышу з Таро і не папрасіла выцягнуць з калоды карту-параду. Да гэтага часу мучаюся ад усведамлення таго, што гэта няправільна, але пакуль цягнуўся складаны жыццёвы перыяд, тэлефанавала яму кожны тыдзень. Бо звычайна прымеш няправільнае рашэнне — і мучышся, маўляў, навошта так паступіла, чаму я такая дурніца. А тут ты нічога не вырашаеш, табе дае савет нібыта сусвет, і ты робіш, як ён кажа. Урэшце рэшт аказалася, што нібыта сусвет даў мне нядобрую параду, з таго часу да таро не звяртаюся і рашэнні прымаю сама. Хоць і надта не хочацца.