Каго з недзяржаўных арганізацый і як часта ўзгадваюць у публікацыях незалежныя і дзяржаўныя СМІ? На гэтае пытанне адказаў у сваім даследаванні «Праца беларускіх НДА ў масмедыя» за мінулы 2013 год журналіст Паўлюк Быкоўскі. Яно было прадстаўлена 27 студзеня ў «Арт Сядзібе» на круглым стале «НДА і СМІ: узаемныя чаканні і шляхі супрацоўніцтва», які арганізавала «Асамблея НДА».

Лідар па колькасці ўзгадак у публікацыях незалежныя і дзяржаўныя СМІ — Вольга Карач. Іх 348. Паўлюк Быкоўскі кажа:

«Думаю, гэта звязана не толькі з дзейнасцю яе арганізацыі „Наш дом“, але і яе заявай пра магчымасць удзелу ў выбарах 2015 года. Таксама паспрыялі іншыя інфармацыйныя нагоды, якія Вольга рэгулярна стварае. Трэба адзначыць, што „Наш дом“, асабліва яго гомельская філія, актыўна прысутнічае ў навінах БелаПАН, у адрозненні ад месца, дзе размяшчаецца арганізацыя (Віцебск). Гэта прыклад таго, як склаліся адносіны журналіста і прадстаўніка арганізацыі. Таму Вольга Карач і яе іцыятывы займаюць першае месца ў тых СМІ, якія даследаваліся».

На другім месцы — Алесь Бяляцкі, 259 узгадак. Аўтар даследавання гэта пракаментаваў так:

«Ён узгадваецца болей як асоба, пра якую кажуць, чым як асоба, лісты якой цытуюцца. Трэба адзначыць, што Алесь Бяляцкі адзін з нямногіх прадстаўнікоў няўрадавых праваабарончых арганізацый, які ўзгадваецца ў дзяржаўных СМІ. Прынамсі „СБ“ таксама яго ўзгадвае, хоць гэта лічаныя выпадкі».

На трэцім месцы — Улад Вялічка. Пра яго 227 узгадак як пра асобу, якая займае пэўную пасаду ў пэўных структурах, і як каментатара.

dasledavanne_pauluk_bykhouski_4

Затым у рэйтынг па колькасці ўзгадак патрапілі Уладзімір Мацкевіч — узгадваецца 69 разоў,Валянцін Стэфановіч — 59 (узгадваецца як каментатар), Таццяна Новікава — 59 (узгадваецца ў кантэксце пра дзеянні «Чарнобыльскага шляху» і як каментатар на naviny.by), Алена Танкачова — 49, Жанна Літвіна — 49, Юрый Чавусаў — 48, Андрэй Ягораў — 48, Гары Паганяйла — 41 ,Таццяна Рэвяка — 34 , Сяргей Мацкевіч — 29 (падводзіў вынікі прэміі «Чэмпіёны грамадзянскай супольнасці», таксама ўзгадвалася, што ён прысутнічаў на пэўных паседжаннях), Алег Гулак — 24 (узгадвалася, што ён прысутнічае ў той, альбо іншай дэлегацыі), Пётр Кузняцоў — 9 (узгадвалася толькі тое, што ён быў абраны на пэўную пасаду), Ірына Сухій — 4 («Чарнобыльскі шлях» і некалькі ініцыятываў, звязаных з балотамі), Сяргей Лісічонак — 4, Аксана Шэлест — 2, Яраслаў Бекіш — 2.

Паўлюк Быкоўскі зазначыў, што Жанна Літвіна часцей трапляецца ў пошуку на беларускай мове, а астатнія прозвішчы — па-руску.

З дапамогай пашыранага пошуку Google (Advanced Search) па ключавых словах Быкоўскі даследаваў сайты БелаПАН, БелТА, «Наша Ніва», «Народная воля», «Салідарнасць», naviny.by, «Советская Белоруссия», «Звязда», «Белорусы и рынок», «Белгазета» на колькаснае асвятленне ў сваіх навінах працы грамадзянскай супольнасці.

Журналіст тлумачыць вынікі даследавання:

«Інструмент гугл не з’яўляецца сапраўды навуковым, сапраўды дакладным. Ён паказвае толькі тэндэнцыі, таму могуць быць пэўныя хібы. Даследванне праводзілася не па колькасці словаў у СМІ, а па колькасці спасылак, у якіх прысутнічаюць гэтыя словы. Было шмат выпадкаў, калі іншыя персоны і ключавыя словы тычыліся іншага кантэксту. Напрыклад, НПО — гэта магло быць „научно-производственное объединение“; Нацыянальная платформа — нацыянальная платформа бізнэсу. Гэта таксама блізкае для трэцяга сектару, але ўсё ж такі іншае. Сяргей Мацкевіч — таксама у нас быў такі міністр. Таму ў некаторых выпадках гэта не так адназначна».

Паўлюк адзначае, што «ў БелаПАН значная частка навінаў закрыта для пошуку для карыстальнікаў, якія не плацяць за кантэнт. Таму будзе пэўнае скажэнне. Але ёсць naviny.by, дзе гэта і шмат што іншае прысутнічае, і таму неабходныя рэчы можна будзе параўнаць. Адразу зазначу, што беларускамоўных публікацый было мала. У гэтым ёсць пэўная хіба, бо няўрадавыя арганізацыі працуюць у беларускамоўным асяроддзі, і прэс-рэлізы адсылаюць у беларускамоўным асяроддзі. Аднак, у рускамоўным асяроддзі іх адлюстраванне падаецца скажонае, ці ўвогуле адсутнічае».

Самае вялікая колькасць узгадак на naviny.by. Там аказалася 2084 словы, якія звязаныя з грамадзянскай супольнасцю. Калі параўноўваць адкрыты кантэнт паміж БелаПАН (348 слоў) і Белта (401 слова), то яны не надта адрозніваюцца. У БелТА нават крышачку болей. Але трэба зазначыць, што гэта будуць розныя няўрадавыя арганізацыі, пра якія будзе ісці гаворка. «Наша Ніва» — 521 слова, «Народная воля» — 893 словы, што значна болей за Нашу ніву.

«Асабіста для мяне было здзіўленнем, бо падавалася, што „Наша Ніва“ будзе больш пісаць пра гэтыя тэмы. Але аказваецца, што стэрыатыпы могуць разбурацца. „Салідарнасць“ пісала крышачку меней за „Нашу Ніву“ — 445 слоў, але, затое, болей, чым усе дзяржаўныя газеты. „Звязда“ і „Савецкая Белоруссия“ пісалі прыкладна аднолькава. У іх 42 словы і 96 слоў адпаведна. „Белорусы и рынок“ — 576. Атрымалася, што „СБ“, „Звязда“ і „Белгазета“ прыкладна аднолькава нямнога ўдзялялі ўвагі праблемам трэцяму сектару», — расказаў Паўлюк Быкоўскі.

 

У выніку

Паўлюк Быкоўскі прыйшоў да высновы, што прадстаўнікі НДА ствараюць мала інфармацыйных нагодаў, калі паглядзець па публікацыям. Адпаведна, можна падумаць, што гэтыя нагоды маюць малое грамадскае значэнне і могуць быць нецікавымі для СМІ.

Прадэмакратычныя праеўрапейскія няўрадавыя арганізацыі, а таксама іх асацыяцыі, складаюць нязначную частку ад агульнай колькасці існуючых у Беларусі арганізацый.

Часцей за ўсё інфармацыйныя кампаніі праводзяцца без мэдыяпланавання і нават без прагаворвання мэтаў і задач.

Толькі нешматлікія грамадскія аб’яднанні маюць піяр-мэнэджэраў альбо прэс-сакратароў. У выніку, супрацоўніцтва з журналістамі адбываецца спарадычна, часцей за ўсё па ініцыятыве саміх журналістаў.

Лаяльныя кіруючаму рэжыму арганізацыі гэта «Белая Русь», «Беларускі патрыятычны Саюз Моладзі», а таксама дабрачынныя, сацыяльныя арганізацыі, часам эколагі, і амаль заўсёды «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (прысутнічае і ў дзяржаўных, і недзяржаўных СМІ. І адносіны да яе станоўчыя і там, і там).

Больш падрабязна з вынікамі даследавання «Праца беларускіх НДА ў масмедыа» можна пазнаёміцца ў анлайн-прэзентацыі.

АРТ-СЯДЗIБА

 

Exit mobile version