Даходы і расходы
Штомесячны даход бабулі — 3 950 ізраільскіх шэкеляў, ці больш за 1 тысячу долараў ЗША (пры сённяшнім курсе 3,675 шэкеля за адзін долар). З іх 2 900 шэкеляў — дапамога па старасці, 900 — на аплату кватэры і 150 шэкеляў — даплата на арэнду жылля для адзінокіх пенсіянераў.
Якія выдаткі нясе жанчына? Прыкладна 1 000 шэкеляў штомесячна выдаткоўваецца на ежу. Прычым гаворка ідзе пра харчаванне, якое гарманічна спалучае ўсе неабходныя складовыя для чалавека сталага ўзросту.
Вось чаму на стале ў бабулі заўсёды прысутнічаюць мёд, аліўкавы алей, аўсянка, грэчка і рыс, тварог і ёгурт, дастаткова танная розная свежая гародніна, зеляніна і садавіна на працягу ўсяго года (проста вочы разбягаюцца на рынку!), рыба і мяса (кураціна, індычына, цяляціна, ялавічына і бараніна), мінеральная вада, кава і гарбата, хлеб і кандытарскія вырабы, шакалад, спецыі і арэхі (грэцкія, фундук і міндаль), а таксама мясцовыя сухафрукты. Калі ж жанчына тройчы на тыдзень наведвае клуб пажылых людзей, дзе можна не толькі смачна пад’есці, але і цікава правесці час з аднагодкамі, яе выдаткі на харчаванне змяншаюцца больш чым на палову.
Камунальныя паслугі штомесяц каштуюць бабульцы каля 2 100 шэкеляў і ўключаць: выдаткі на арэнду жылля — 1 500 шэкеляў, на электраэнергію — 125, на ваду — 25, на тэлефон — 200, прагляд праграм розных тэлеканалаў — 200, прыбіранне дому і прылеглай тэрыторыі — 45. Бабуля бясплатна карыстаецца грамадскім транспартам.
Акрамя таго, нашая пенсіянерка выдзяляе каля 150 шэкеляў штомесяц на лекі і прыкладна 50 шэкеляў на прадметы санітарыі і гігіены. Яшчэ 50 шэкеляў штомесяц ідзе на непрадбачаныя расходы. Атрымліваецца, што агульныя выдаткі нашай пенсіянеркі не перавышаюць 3 350 шэкеляў.
Такім чынам, штомесяц бабулька можа адкладаць не менш за 600 шэкеляў (звыш 160 долараў). А пры наведванні клубу пажылых людзей гэтая лічба можа павялічыцца амаль удвая. Свае зберажэнні жанчына выдаткоўвае на вандроўкі, новую мэблю і бытавую тэхніку, а таксама на падарункі родзічам, якія жывуць у Ізраілі і Расіі.
Медычнае абслугоўванне
Пры гэтым бабуля карыстаецца бясплатным медычным абслугоўваннем, якое лічыцца адным з найлепшых у свеце. Нездарма па працягласці жыцця ізраільскія мужчыны з’яўляюцца сусветнымі лідарамі, а жанчыны займаюць адно з вядучых месцаў на планеце. Бабулька штогод праходзіць абавязковы медычны прафілактычны агляд, па выніках якога прызначаюцца неабходныя лячэнне і аперацыі. Каля ложка нашай пенсіянеркі на століку месціцца так званая «кнопка дапамогі», якая дазваляе ў любы момант бясплатна выклікаць на кватэру дактароў, выратавальнікаў і паліцыю.
Акрамя таго, 27 гадзінаў на тыдзень бабульцы дапамагаюць дзве метапеле (нянькі). Яны не толькі прыбіраюць кватэру і мыюць бялізну, але і выконваюць усе неабходныя банкаўскія аперацыі, купляюць прадукты і лекі, а таксама суправаджаюць жанчыну падчас наведвання клубу, паліклінікі і іншых сацыяльна-культурных аб’ектаў.
Такі ўзровень жыцця ізраільскай пенсіянеркі непараўнальна пераўзыходзіць мажлівасці беларускага пенсіянера, штомесячная пенсія якога наўрад ці дазволіць нават харчавацца па-ізраільску. Пра ўсё астатняе няма чаго і казаць…
І напрыканцы — кошты асобных прадуктаў харчавання ў Ізраілі (у доларах ЗША): хлеб — ад 0,8 да 2,3 за батон, малако — 1 за літр, тварог — 6 за кілаграм, яйкі — ад 1,2 да 1,9 за дзясятак, свежая рыба — ад 9,5 да 11,5 за кілаграм, марожаная рыба — ад 5 да 10 за кілаграм, свежае мяса — ад 1,8 да 19 за кілаграм, свежая гародніна — ад 0,8 да 1,6 за кілаграм і свежая садавіна — ад 0,8 да 2,7 за кілаграм.