Тут да ХХ стагоддзя не было палітычнай самастойнасці. Спачатку заходні сусед прымушаў усіх вучыць сваю мову, надаваў свае законы і дараваў мясцовай шляхце свае гербы. Потым пасталелы ўсходні сусед – Расія – пасунуў сюды свае войскі, прайшоўшы як распаленым прасам, пагнаўшы суседа заходняга, уводзячы свае парадкі, сваю мову і сваю юрыспрудэнцыю.
У буйных эўрапейскіх войнах гэтая зямля была разменнай картай.
У 60-х гадах рэвалюцыйнага ХІХ стагоддзя на гэтай зямлі пачаўся небывалы нацыянальны ўздым, агульнае захапленне сваёй, як зараз кажуць, тытульнай моваю, нягледзячы на ціск расейскаіх уладаў.
Палітыка русіфікацыі не прынесла ніякага чаканага расейцамі выніку, наадварот – адхінула “тутэйшых” ад “старэйшага брата” і нават выклікала з’яўленне першай нацыянальнай прэсы.
У пачатку ХХ стагоддзя на хвалі агульнасусветных узрушэнняў з прычыны Першай сусветнай гэтая зямелька нечакана атрымала шанец пакарыстацца незалежнасцю як інстытутам кіравання.
Затым, у 1956 годзе, краіна стала чальцом магутнай міжнароднай арганізацыі, а далей пайшло-паехала…
Зараз вынікам сваіх адмысловых дзеянняў гэтая краіна завецца самай устойлівай дзяржавай свету.
Гэта Фінляндыя.
З насельніцтвам у 5 мільёнаў (удвая меньш афіцыйна беларускага), знаходзячыся ў значна больш суворых кліматычных умовах, Фінляндыя трымаецца экспертамі за найвыгаднейшую краіну для ўкладання грошай доўгатэрміновымі крэдытамі, таксама ёсьць “Лепшай краінай сьвету”, па версіі часопіса Newsweek 2010 года, а па адзнаках амерыканскага “Fund for Peace”, у 2012 атрымала гонар лічыцца самай стабільнай краінай планеты. Пры гэтым яна ёсць чальцом Паўночнай Уніі (з 1956 года), чальцом Эўразвязу (з 1995) і Шэнгенскага пагаднення – з 1996 году. “Марка” як грошы ўпершыню таксама не ў Германіі з’явілася, а ў Фінляндыі. А зараз ў краіне ходзіць эўра.
6 снежня 2012 года Фінляндыя святкавала 95 год сваёй незалежнасці.
* * *
25 сакавіка прагрэсіўнае насельніцтва Беларусі будзе святкаваць аналагічнае свята, якое таксама (у тэорыі) магло спрычыніцца да падобных пераўтварэнняў: з простай калёніі – да самай-самай дзяржавы.
Яго клічуць Днём Волі. Якраз ў гэты дзень, у 1918 годзе, Беларусь спрабавала зрабіць тое ж, што за тры месяцы да яе вымаглі фіны: самавызначыцца.
Шмат хто смяецца па-над фінамі, быццам бы яны павольныя і важныя. Але ў нейкі момант, у адрозненні ад беларусаў, фіны бываюць хуткімі, як шмат хто з тых, каго мы ведаем па прозвішчам Ватанен, Райканен, Хакінен, Ярве Лехта, Гардэмайстар, Раванпера, Канкунен, Гранхольм, Мякінен ды іншыя. Гэта вядомыя фінскія гоншчыкі, людзі надзвычай хуткія і імклівыя. Іх продкі, фінская палітычная эліта, напрыканцы 1917 году думалі хутка ш імкліва схапіліся за шанец незалежнасці, каб іх унукі кіравалі зараз самай лепшай краінай свету.
А чаго ж беларусам не хапіла ў 1918-м? Якога шанца, якой удачы? Ці абставіны былі супраць нас: з захаду – немцы, з усходу – савецкія, і ніхто ў свеце не схацеў прызнаць рэспубліку, якая з’явілася нечакана паміж бакамі, што б’юцца? Нажаль, тое вакно магчымасцяў, якое выкарысталі фіны, зачынілася, і Беларусь стала незалежнай краінай наступным разам толькі ў 1990 годзе.
Але ж, думаю, каб не тая спроба стварыць дзяржаву ў 1918-м, Савецкі Саюз не дазволіў бы ўтварыцца нават Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы, абмежаваўшыся максімум аўтаноміяй у складзе Расіі, як з іншай Б(а)ССР – Башкірскай. І зараз мы не былі б незалежнай дзяржавай. А заўсёды лепей быць гаспадаром на сваім «адрубе», чым безаблічным «акцыянерам» у агромністай «сяброўскай» сям’і народаў.
Алег Бука