Фестываль «10 год і пахавальны карагод» будзе праходзіць у Брэсце з 9 па 24 снежня. Гэтае мерапрыемства задумана як своеасаблівая апошняя гастроль брэсцкага Свабоднага тэатру.
Адкрыць «пахавальны» фэст 9 снежня калектыў вырашыў сваёй самай паспяховай пастаноўкай «Тавар-грошы-тавар». Варта адзначыць, што ў афішы побач з назвай стаіць прызыўная рэмарка: “Апошні паказ!”. Гэты спектакль-комікс аб тым, як чалавек забывае пра сваю чалавечую сутнасць, свае жаданні і магчымасці і марнуе сваё жыццё на тое, каб здабыць грошы і задаволіць навязаныя рэкламай патрэбнасці. 17 снежня прыхільнікаў Свабоднага тэатру чакае спектакль «Працэс» па творах Кафкі. Апошні дзень жыцця тэатру, 24 снежня, плануецца адзначыць феерычным «пахавальны дыскачом» — «Танцамі на касцях»: супольнай акцыяй Свабоднага тэатру і гурта «Рацыянальная дыета». Таксама ў праграме фестывалю– выставы, паказы відэа і дыскусіі наконт творчасці тэатру.
У межах фэсту калектыў намераны абвясціць «Маніфест канца», які патлумачыць, чаму вырашана было ліквідаваць Свабодны тэатр. Дарэчы, яго тэкст ужо змешчаны на сайце тэатральнай трупы.
Адной з прычын закрыцця тэатру стала назва: «Існуе Беларускі Свабодны тэатр, блытаніна і параўнанні з якім ужо досыць нам надакучылі».
«Па-другое, самападман і наіўнасць — лічыць сябе свабоднымі ў тым кантынуўме, дзе мы жывем», — песімістычна заяўлена ў Маніфесце.
Фестываль «10 год і пахавальны карагод», як адзначаюць арганізатары – гэта спроба вызначыцца, што рабіць далей і якім чынам: «Мы робім фестываль для таго, каб падвесці вынік 10-гадовай працы, асэнсаваць, ці мела яна сэнс і значэнне для каго-небудзь, акрамя нас саміх». Тры тыдні фэсту – гэта час на пераасэнсаванне сваёй дзейнасці і
А пераасэнсоўваць ёсць што. Свабодны тэатр існуе ў Брэсце з 2001 года. Жыхары горада ведаюць і любяць яго не толькі за эпатажныя і глыбокія вулічныя пастаноўкі. Кожны год трупа тэатру разам з брэстаўчанамі адзначае «Свята вуліцы Падгародскай»: менавіта на гэтай вуліцы «нарадзіўся» тэатр. Апроч гэтага ў межах ініцыятывы «Вырвісь і ствары!» калектыў рэгулярна ладзіць імпрэзы ў дзіцячых дамах. Датагож Свабодны тэатр не адночы паспяхова прадстаўляў сваю творчасць на шматлікіх міжнародных тэатральных фестывалях.
«Пахавальны карагод» – чарговая ступень ў творчым жыцці трупы, але… не апошняя! Каб не расчароўваць сваіх шанавальнікаў, каманда Свабоднага тэатру загадзя назвала новую назву сваей творчай групы: «Сваю дзейнасць мы працягнем пад назваю тэатр «Крылы халопа». Халоп, які трубіць у трубу й робіць спробу вырасціць сабе крылы,- гэты вобраз нашмат лепей адпавядае нам сёння».
Ніка Малініна, nash-dom.info