«Наш Дом» працягвае серыю інтэрв’ю з акторамі, якія вымушаны былі пакінуць Беларусь з-за рэпрэсій. Сёння мы паразмаўлялі з Анастасіяй Мучко, яркай і смелай жанчынай, якая працягвае займацца любімай справай, нават знаходзячыся далёка ад Радзімы.
Мяне завуць Анастасія Мучко. Я акторка. Служыла ў Гродзенскім драматычным тэатры з 2006 па лістапад 2020 года. Цікаўлюся беларускай гісторыяй, культурай, мовай. Шмат чытаю беларускіх аўтараў.
Чаму Вы вырашылі стаць акторкай?
Я неяк не вырашала сама. Мне падаецца, што гэта была прадвызначанасць. Шмат усяго супала, каб менавіта такім быў мой лёс. Сказаць што я з дзяцінства пра гэта марыла? Дык не. Але тэатрам я захаплялася заўсёды, яго атмасферай, цудам, які адбываўся проста на сцэне. У гадоў 15 я пазнаёмілася з адной рэжысёркай, якая праводзіла заняткі па акторскаму майстэрству, і вось гэта было моцным штуршком да сцэны.
Як і дзе складалася Ваша акцёрская кар’ера?
Я паступіла ў Каледж мастацтваў на спецыяльнасць «актор драматычнага тэатра і кіно». Падчас вучобы пачала ўжо ўдзельнічаць у рэпертуарных спектаклях. Калі шчыра — усяго хапала: былі і ўзлёты і падзенні. Гэта жыццё.
Калі Вы зразумелі, што ў краіне нешта не так?
Памятаю як у школе на сцяне вісела Пагоня, а побач Бела-чырвона-белы сцяг. На класных гадзінах нам распавядалі славутую легенду пра рыцара, які зняў белую акрываўленую павязку і павёў войска ў бой. Мае падручнікі былі па-беларуску, і, увогуле, беларускай мовы было значна больш.
А потым замест Пагоні і нацыянальнага сцягу павесілі сучасныя герб і сцяг. І тады мне падалося гэта чужым. Не было ўжо легенды пра рыцара, ніякага тлумачэння не было. Проста знялі родныя сімвалы і павесілі чужыя. Зараз разумею, што вось тады мы збочылі ад нацыянальнага адраджэння Беларусі. Вось тады пачалося вынішчэнне беларускай мовы.
Чаму Вы вырашылі удзельнічаць у пратэсце?
Мне падаецца, што са свядомага ўзросту я была ў пратэсце з сістэмай. У школьныя гады слухала беларускія і ўкраінскія музычныя гурты, чытала «Нашу Ніву».
Якім чынам Вы удзельнічалі ў пратэсце?
У 2011 годзе хадзіла на «маўклівыя акцыі» у Гродна і ў Мінску. Потым былі акцыі «не дармаедаў» і я таксама ўдзельнічала, хоць на той час была праца. Да выбараў таксама хадзіла на ўсе акцыі, што былі. На адной з іх мяне ледзь не затрымалі. Тады хапалі раварыстаў, а я была на ровары. Але пашанцавала і я змагла збегчы.
Пасля выбараў таксама бегала ад людзей у чорным. Але ўжо тады было адчуванне вайны таго, хто прайграў выбары, супраць беларускага народа. Мне пашанцавала і я не трапіла ў рукі сілавікоў, але амаль кожны мой знаёмы праз іх прайшоў.
Забойствы, катаванні, незаконныя ўтрыманні ў турмах, рэпрэсіі на працы — нам нельга гэтага забыць. Нам нельга заплюшчыць вочы і жыць быццам бы гэтага не было. Гэта было, гэта і зараз адбываецца. Колькі людзей сядзяць за кратамі па палітычных артыкулах! Колькі жыццяў зламана смелым беларусам!
Таму, калі Святлана Ціханоўская заклікала да ўсеагульнай нацыянальнай забастоўкі, я зрабіла свой крок наперад.
Як Вы пацярпелі ад рэпрэсій і што паслужыла прычынай Вашага ад’езду?
Кіраўніцтва тэатра вырашыла пазбавіцца ад «нязручных падначаленых» і па артыкле ў лістападзе 2020 года звольніла мяне і маіх калег.
У жніўні, адразу пасля выбараў, мной зацікавіліся з крымінальнага вышуку. Прыязджалі дадому, апрошвалі суседзяў, прыходзілі ў тэатр. Іх цікавіла, за каго я галасавала і з кім абмяркоўвала палітычную сітуацыю, яшчэ, безумоўна, ці хадзіла на мітынгі. Але пасля тлумачальнай паперы адпусцілі. У лютым таксама выклікалі на размову да ўчастковага з-за навагодняга віншавання, якое мы запісалі разам са звольненымі акторамі. Гэта было зусім нечакана. Але зараз гэта зусім не здзіўляе.
Як Вам атрымалася ўладкавацца на новым месцы?
З канца лютага я знаходжуся ў Літве, у бяспецы. Для мяне на дадзены момант гэта важна.
Распавядзіце пра дапамогу Вам.
Пасля звальнення мне дапамагаў Bysol і ByHelp, а дзякуючы арганізацыі «Наш Дом» я змагла прыехаць сюды.
Скажыце некалькі слоў і пажаданняў суайчыннікам.
Беларусы неверагодныя! Гэта бачыў увесь свет! Колькі мы ўжо зрабілі, як падтрымлівалі адзін аднаго, як ядналіся! І нават, калі яшчэ не бачна перамогі, яна ўсё ж такі будзе! Не забывайце пра гэта!
«Наш Дом» абавязкова працягне расказваць Вам пра жыццё і працу актораў, вымушаных з’ехаць з Беларусі з-за рэпрэсій незаконнай улады.
Фота прадстаўлены гераіняй інтэрв’ю.