Мэта праграмы развіцця і пасоўвання беларускай мовы МЦГІ «Наш Дом» – забяспечыць плыўную і бязбольную беларусізацыю публічнай сферы і грамадскага жыцця, дзяржаўных і прыватных структур, сістэмы адукацыі і навукі, культурнага жыцця.
Плыўны пераход на выкарыстанне беларускай мовы ў розных сферах жыцця
Ад самага пачатку варта прызнаць, што вельмі высокі ўзровень выкарыстання рускай мовы ва ўсіх сферах грамадскага жыцця, а таксама фактычна маргінальны статус беларускай мовы робяць немагчымай хуткую беларусізацыю грамадства.
Сённяшняя сітуацыя з беларускай мовай і нацыянальнай культурай практычна ідэнтычная той сітуацыі, у якой апынуліся чэшскія мова і культура напрыканцы XIX стагоддзя. Тады яны былі практычна выцесненыя з жыцця чэшскага грамадства мовай і культурай моцнага суседа, якому доўгі час прыналежылі чэшскія землі, – Нямеччыны. На пачатку XX стагоддзя чэшскай нацыянальна арыентаванай інтэлігенцыі прыйшлося выдаткаваць велізарную колькасць часу і сілаў, каб адрадзіць практычна забытыя мову і культуру свёй нацыі.
У Беларусі мы таксама не можам, нажаль, разлічваць на хуткі поспех беларусізацыі ўсіх сфер грамадскага жыцця. МЦГІ «Наш Дом» лічыць: на тое, каб беларуская мова стала не толькі дзяржаўнай, але і ў поўнай ступені агульнаўжывальнай у грамадстве мовай, запатрабуецца ад 15 да 20 гадоў і досыць вялікія дзяржаўныя інвестыцыі.
Але пры гэтым максімальна плыўны пераход на выкарыстанне беларускай мовы ў справаводстве і розных сферах жыцця дазволіць пазбегнуць мноства праблемаў з ліку тых, з якімі пасля распаду СССР сутыкнуліся, у прыватнасці, Украіна, Малдова і краіны Балтыі. Гаворка ў дадзеным выпадку ідзе аб абвінавачваннях новых нацыянальных урадаў у прыгнечанні рускай мовы ды яе носьбітаў. МЦГІ «Наш Дом» лічыць, што рэалізацыя яе праграмы плыўнай беларусізацыі дазволіць вярнуць беларускаму грамадству ягоныя мову і культуру, пазбегшы абвінавачванняў у прадузятым стаўленні да рускамоўных грамадзян краіны, іх правоў і інтэрасаў.
У прыватнасці, МЦГІ «Наш Дом» прапаноўвае наступную праграму дзеянняў:
— 2015-2022 гады: арганізацыя бясплатных курсаў беларускай мовы для ўсіх жадаючых. Для службоўцаў наведванне такіх курсаў ад 2017 году робіцца абавязковым. Моўныя курсы павінны быць арганізаваныя ва ўсіх абласных і раённых цэнтрах Беларусі. З 2017 года пад эгідай дзяржавы штогод праводзіцца агульнадзяржаўная акцыя «Беларуская дыктоўка» – у цяперашні час яна з’яўляецца выключна грамадскай ініцыятывай. Тыя ўдзельнікі «Беларускай дыктоўкі», што прадэманструюць высокі ўзровень валодання беларускай мовай, узнагароджваюцца каштоўнымі прызамі. Маладыя людзі, што прадэманструюць высокі ўзровень валодання беларускай мовай, атрымліваюць палёгкі пры паступленні ў ВНУ на бюджэтныя аддзяленні.
— 2015-2017 гады: дзяржава фінансуе і выступае заказчыкам лакалізацыі (адаптацыі пад беларускую мову і стандарты) усяго праграмнага забеспячэння (ПЗ), што выкарыстоўваецца ў краіне, а таксама інтэрнэт-сэрвісаў, што месцяцца ў даменнай зоне .BY. Асаблівая ўвага пры гэтым надаецца аперацыйным сістэмам і сістэмам электроннага дакументазвароту, а таксама інтэрнэт-сайтам дзяржаўных органаў. З канца 2017 года ў Беларусі не дапушчаецца (за выключэннем асаблівых выпадкаў) выкарыстанне дзяржаўнымі структурамі праграмнага забеспячэння, не маючага беларускамоўных версій. (Тут асабліва варта адзначыць, што ўсё сапраўды важнае і, тым больш, ключавое ПЗ мае беларускамоўныя версіі ўжо сёння.)
— З 2021 году: адбываецца плыўны перавод тэлевізійнага і радыёвяшчання (як дзяржаўных, так і недзяржаўных тэлеканалаў і радыёстанцый) на беларускую мову, усталяванне і паступовы рост квот выкарыстання беларускай мовы ў агульным часе вяшчання.
— З 2023 году: уводзіцца абавязковы іспыт на валоданне беларускай мовай пры прыняцці на любую пасаду дзяржаўнага службоўца. З гэтага жа году на беларускую мову пачынае перакладацца ўнутраны і вонкавы дакументазварот усіх дзяржаўных ведамстваў. Адпаведна, да пачатку 2023 году кожнае ведамства прадстаўляе ва ўрад індывідуальную праграму беларусізацыі свайго дакументазвароту. Акрамя таго, з 2023 году ўсе беларускія службоўцы абавязаныя праводзіць свае публічныя выступы (на тэрыторыі Беларусі) на беларускай мове. Выключэннем могуць быць толькі выступы на міжнародных мерапрыемствах і мерапрыемствах, што ладзяцца пад эгідай міжнародных арганізацый.
— З 2025 году: з гэтага году на беларускую мову пачынае перакладацца ўся справаздачнасць, якая прадстаўляецца юрыдычнымі і фізічнымі асобамі ў органы дзяржаўнай улады. Таксама з 2025 году пачынаецца замена ўсіх шыльд, публічных аб’яў і рэкламы (агульны назоў – публічныя інфармацыйныя паведамленні) на беларускую мову. Пры гэтым рэалізуецца наступны механізм: публічныя інфармацыйныя паведамленні застаюцца на першапачатковай мове на працягу абумоўленага тэхнічнымі нормамі тэрміна іх службы. Пры замене, скажам, шыльды або раскладу, які адслужыў свой тэрмін, яны замяняюцца на аналагічную шыльду, але ўжо на беларускай мове. Такі падыход дазволіць ажыццявіць плыўную беларусізацыю публічнай прасторы, не выклікаючы ў грамадстве негатыўных эмоцый, якія бы непазбежна паўсталі пры рэзкай змене моўнага асяроддзя.
Сістэма ўрадавых экспертаў
На сённяшні дзень, нажаль, большасць грамадзян Беларусі, якія лічаць, што яны валодаюць беларускай мовай, на самой справе валодаюць ёю на досыць нізкім узроўні. Шмат у чым чыннік гэтага – адсутнасць колькі-небудзь сталай практыкі. Адпаведна, выйдучы са сценаў школы з узроўнем валодання беларускай мовай ніжэй сярэдняга, маладыя беларусы вельмі хутка забываюць нават тое, што пазналі за гады навучання. Гэта азначае наступнае: пасля таго, як паступова пераходзіць на выкарыстанне беларускай мовы ў публічнай сферы пачне вялікая колькасць людзей, не-мовазнаўцаў, яны пачнуць здзяйсняць і мімаволі распаўсюджваць моўныя памылкі, і першым чынам – русізмы, у меншай ступені – англіцызмы.
Каб не выпусціць сітуацыю з-пад кантролю і не дапусціць прафанізацыі беларускай мовы, насычэнні яе русізмамі, ураду неабходна мець у сваім распараджэнні асобны орган, які будзе «у фонавым рэжыме» сачыць за правільнасцю выкарыстання беларускай мовы ў публічнай сферы.
Аднак ствараць для гэтай мэты асобны ўрадавы орган практычнага сэнсу не мае. Як паказвае практыка, гэта прывядзе толькі да распылення бюджэтных сродкаў і стварэння яшчэ адной бюракратычнай арганізацыі са ўсімі вынікаючымі адгэтуль наступствамі.
Аднак у Беларусі даўно існуе грамадскае аб’яднанне «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны», якое аб’ядноўвае адмыслоўцаў у вобласці беларускай мовы, як філолагаў-тэарэтыкаў, так і лінгвістаў-практыкаў. Паводле праграмных дакументаў, «ТБМ імя Францішка Скарыны» – гэта добраахвотная недзяржаўная арганізацыя, якая аб’яднала прадстаўнікоў беларускай нацыянальнай эліты з мэтай забеспячэння рэальнага дзяржаўнага статуту мове карэннага этнаса Беларусі.
Дзейнасць «ТБМ імя Францішка Скарыны» накіраваная на забеспячэнне канстытуцыйных правоў беларускамоўных грамадзян карыстацца сваёй мовай. «ТБМ імя Францішка Скарыны» не выступае за абмежаванне права іншых этнічных груп на выкарыстанне імі сваіх моваў, але дамагаецца павагі да роднай мовы беларусаў. На сённяшні дзень «ТБМ імя Францішка Скарыны» – найболей аўтарытэтная недзяржаўная структура ў галіне беларускага мовазнаўства.
Сутнасць ідэі ў тым, што ў рамках рэалізацыі праграмы развіцця і пасоўвання беларускай мовы ўрад Беларусі складае маштабную дамову з «ТБМ імя Францішка Скарыны», паводле якой гэтая грамадская арганізацыя становіцца падрадчыкам, які выконвае функцыі кантролю за выкананнем дадзенай праграмы, а таксама за правільнасцю выкарыстання беларускай мовы ў публічнай сферы.
Дамова прадугледжвае фінансаванне ў абмен на прапісаную ў дамове дапамогу ў рэалізацыі на практыцы праграмы развіцця і пасоўвання беларускай мовы. У прыватнасці, «ТБМ імя Францішка Скарыны» (далей – проста ТБМ) удзельнічае ў арганізацыі згаданых у першай частцы праграмы моўных курсаў, «беларускіх дыктовак» і экзаменацыі прэтэндэнтаў на пасады дзяржаўных службоўцаў.
Таксама ТБМ у рамках кантракту з урадам прыцягвае да супрацоўніцтва людзей, якія валодаюць беларускай мовай на высокім узроўні. Такія прыцягнутыя ТБМ адмыслоўцы атрымліваюць статут урадавых экспертаў у рамках праграмы беларусізацыі. Іх круг правоў і абавязкаў абумаўляецца асобна. У прыватнасці (і першым чынам), яны павінны атрымаць права выдаваць загады любым юрыдычным і фізічным асобам на ўнясенне зменаў у рэальную практыку паўсядзённага выкарыстання беларускай мовы. Прасцей кажучы, такія ўрадавыя эксперты павінны «адлоўліваць» памылкі ў выкарыстанні беларускай мовы на ўсіх узроўнях – ад вулічных шыльд і раскладу руху грамадскага транспарту або меню ў рэстаране да афіцыйных дакументаў. Пры гэтым аб’екты прэтэнзій з боку ўрадавых экспертаў павінны мець права аспрэчыць дадзеныя прэтэнзіі.
Акрамя ўсяго вышэйпералічанага, у рамках дзяржаўнага кантракту ТБМ стварае адмысловую камісію, задача якой – разбірацца ва ўсіх спрэчных і супярэчлівых момантах, звязаных з практыкай выкарыстання беларускай мовы ў сучасным свеце.
Беларуская мова ў акадэмічным асяроддзі
Гістарычна так склалася, што на сённяшні дзень найболей добра валодаючая беларускай мовай і пры гэтым патрыятычна настроеная супольнасць людзей склалася ў акадэмічным асяроддзі – беларускіх ВНУ, Акадэміі Навук, разнастайных даследчых інстытутах. Менавіта з акадэмічнага асяроддзя вышлі шматлікія дзеячы беларускага Адраджэння канца 1980-х гадоў мінулага стагоддзі. Думаецца, сваю ролю ў нацыянальным адраджэнні акадэмічнае асяроддзе здольнае згуляць і цяпер. Асабліва калі максімальна аддаць ініцыятыву ў рукі яе прадстаўнікоў.
Тут, у прыватнасці, можна ўспомніць меўшую месца напрыканцы 80-х і пачатку 90-х гадоў ХХ стагоддзя ініцыятыву «знізу», калі шматлікія студэнты і аспіранты, навукоўцы і выкладчыкі па ўласнай ініцыятыве стваралі беларускія гласарыі ў розных галінах навукі. І нават выдавалі за свой рахунак адпаведныя тэрміналагічныя слоўнікі. Пры належнай і разумнай падтрымцы з боку дзяржавы такая практыка – беларусізацыі навукі сіламі саміх навукоўцаў – цалкам можа адрадзіцца.
Таксама варта распрацаваць і рэалізоўваць сістэму дзяржаўных грантаў на беларускамоўныя навуковыя праекты. Ну і, нарэшце, павінны быць прынятыя адмысловыя меры па падтрымцы прадпрыемстваў-стартапаў, якія рэалізуюць найноўшыя навуковыя распрацоўкі, пры гэтым на ўсіх этапах развіцця выкарыстоўваючы выключна беларускую мову. Такія стартапы, да прыкладу, павінны цалкам вызваляцца ад падаткаў, атрымліваць палёгкавыя крэдыты на развіццё і г. д.
Беларуская мова ў літаратурна-мастацкім асяроддзі
У савецкія часы, у перыяд нават самай актыўнай русіфікацыі, літаратурна-мастацкае асяроддзе БССР заставалася другім прынцыпова важным грамадскім «рэзервуарам», у якім захоўваўся – прычым на досыць высокім якасным узроўні – беларуская мова. Менавіта гэтае асяроддзе і сёння, ва ўмовах фактычна ўжо другой хвалі русіфікавання, працягвае захоўваць каштоўныя скарбы беларускай моўнай і культурнай самабытнасці. Пры гэтым узровень асабістых прыбыткаў у прадстаўнікоў культурнай інтэлігенцыі – адзін з самых нізкіх у параўнанні з прыбыткамі людзей, якія працуюць у іншых сферах.
Гэта дазваляе сёння пры дапамозе адносна невялікіх фінансавых уліванняў значна падняць прэстыж беларускамоўнай творчасці ва ўсіх культурных сферах – ад літаратуры (адмысловая ўвага – дзіцячай літаратуры) да кінематографа. У прыватнасці, вельмі вялікую ролю могуць згуляць разумна вылучаемыя дзяржаўныя гранты на беларускамоўныя культурныя праекты.
Сюды жа варта аднесці меры па дзяржаўнай падтрымцы беларускамоўнага кнігавыдаўніцтва. Напрыклад, дзяржава можа бязвыплатна фінансаваць або выкупляць частку тыражу беларускамоўных кніг, якія выдаюцца прыватнымі выдавецтвамі.
Беларуская мова ў сферы адукацыі
Сёння выкарыстанне беларускай мовы ў сферы адукацыі звужаецца хуткімі тэмпамі. У краіне засталіся літаральна адзінкі беларускамоўных школ і класаў, іх наведвальнасць вельмі малая, а выкладанне ў іх не лічыцца колькі-небудзь прэстыжным. Падобная сітуацыя і з навучаннем на беларускай мове студэнтаў ВНУ. Такая сітуацыя недапушчальная і павінна быць змененая.
У прыватнасці, дзяржава павінна гарантаваць наяўнасць беларускамоўных школ і класаў у блізкай даступнасці – гэта значыць каб бацькам, якія абралі адукацыю дзяцей на беларускай мове, не прыходзілася іх вазіць у школу за шмат кіламетраў. Пры гэтым варта быць гатовым да таго, што ў першыя гады ў такіх класах можа быць літаральна па адным-два вучня. Але, калі не адступіць на гэтым этапе, у далейшым сітуацыя абавязкова зменіцца. Пры гэтым настаўнікі школ і класаў з беларускай мовай навучання павінны атрымліваць мэтавыя стымулюючыя надбаўкі ў памеры 20-40% да штомесячнага акладу. Гэта самы просты і эфектыўны спосаб падвысіць прэстыж менавіта беларускамоўнага выкладання.
У далейшым, у прыватнасці, усе алімпіяды і конкурсы для школьнікаў павінны праходзіць выключна на беларускай мове. Найперш на беларускую мову павінны быць перакладзеныя алімпіяды па гуманітарных прадметах, у далейшым – па натуральных і дакладных навуках.
Аналагічныя меры павінны быць прынятыя ў ВНУ – на мэты іх беларусізацыі павінны быць накіраваныя, у прыватнасці, тыя бюджэтныя сродкі, якія сёння ідуць на фінансаванне БРСМ і ідэалагічных структураў у навучальных установах. Да 2020 году не меней паловы ўсіх студэнтаў, што набіраюцца на бюджэтную форму навучання, павінны набірацца на факультэты з беларускай мовай навучання.
Таксама дзяржава можа кампенсаваць частку выдаткаў на адукацыю тым студэнтам, якія выбіраюць платнае навучанне на курсах і факультэтах з беларускай мовай выкладання.
Ну і, адпаведна, павінна быць распрацаваная і рэалізаваная сістэма дзяржаўных грантаў на беларускамоўныя адукацыйныя праекты.
Асаблівая заўвага
МЦГІ «Наш Дом» не прапагандуе, але прызнае правамерным і гістарычна справядлівым і абгрунтаваным выкарыстанне граматыкі беларускай мовы ў версіі Браніслава Тарашкевіча (г. зв. «тарашкевіца»), а таксама выкарыстанне для напісання беларускамоўных тэкстаў лацінскага алфавіту (г. зв. «лацінка»). Пры гэтым, аднак, выкарыстанне згаданых версій лічыцца альтэрнатыўным і не дапушчаецца ў дзяржаўных установах, арганізацыях сферы адукацыі і навукі.