Дом, дзе жыла сям’я былога мэра Гомеля Віктара Піліпца, зараз стаіць спусцелы. Следчыя арыштавалі маёмасць разам з яе гаспадаром. Як шыкаваў першы гарадскі чыноўнік, глядзіце ў нашым фотарэпартажы.

ПРЫГОЖА ЖЫЦЬ НЕ ЗАБАРОНІШ

Віктар Піліпец збудаваў сабе дом у гістарычным цэнтры Гомеля, па вуліцы Пралетарскай, 36. Мэрава рэзідэнцыя стаіць па суседстве з маёнткам колішніх гарадскіх гаспадароў — палацам Румянцавых-Паскевічаў, на адлегласці менш за 600 метраў. Адтуль рукой падаць і да набярэжнай Сожа — менш за 200 метраў.

На месцы цяперашняга ўчастка Піліпца раней стаяў будынак інтэрната для медыкаў. Калі ў 2009 годзе Піліпец прыйшоў да ўлады, інтэрнат знаходзіўся ў заняпадзе: медыкаў даўно рассялілі, а мясцовыя ўжо пачалі расцягваць будынак на цэглу. На гэтай пляцоўцы Піліпец і вырашыў збудаваць сваё радавое гняздо.


Просмотреть У якім месцы мэр Піліпец збудаваў сабе дом на карте большего размера
 

Самыя блізкія мэравы суседзі жывуць за 100 метраў праз дарогу. Адзін з іх не захацеў свяціць сваё імя, але з імпэтам паглыбіўся ва ўспаміны:

— Гэты дом пабудавалі ў рэкордныя тэрміны — за год ці меней. Участак агарадзілі, інтэрнат знеслі. На пашпарце аб’екта было напісана, што гэта жылы дом, замоўнік — Піліпец, а будавала УКБ (упраўленне камунальнага будаўніцтва) гарвыканкама. Хутка пабудавалі, бо ў іх грошы ёсць: і матэрыял, і тэхніка на руках. А мы са сваіх капеек будуемся, ніяк дах не накрыем. Вось так.

ЖЫЦЦЁ НЕ ПА СРОДКАХ

Шыку і бляску ў знешнім выглядзе мэравага жытла не бачна. Усё прыстойна і з густам. Аднак тое, што жыллё не з танных, у вочы кідаецца. Будынак у шырыню мае 7 вокнаў, у даўжыню — 5. Агульная плошча ўчастка, паводле ацэнкі суседзяў, больш за 10 сотак.

Перад участкам свежа заасфальтаваная паркоўка для аўто гасцей, на слупе чамусьці вісіць дарожны знак «Уезд забаронены». Агароджа дабротная, з чырвонай цэглы, шырынёй сантыметраў 40. На аўтаматычных варотах вострыя пікі з бронзы.

Ва ўнутраным і знешнім двары папрацавалі рукі ландшафтнага дызайнера. У двары стаіць каваная садовая мэбля. Кошт адной лавы перавышае месячны заробак старшыні гарвыканкама.

Колькі атрымліваў мэр Віктар Піліпец, можна меркаваць па заробках яго калег. Так, напрыклад, старшыня Жлобінскага райвыканкама Леанід Апанасюк, які балатаваўся ў парламент і апублікаваў свой гадавы прыбытак, у 2011 годзе зарабіў 80 мільёнаў рублёў — гэта па 6,6 мільёнаў у месяц.


«ХТО-ХТО Ў ЦЕРАМОЧКУ ЖЫВЕ?»

Суседства з высокім начальствам было бадай непрыкметным для простых гамельчукоў.

— Яны ж начальства, паводзілі сябе спакойна. Сын тут мэраў жыў, дачка, бабуля — мо яго маці ці жонкі. Нармальна так жылі. Музыку гучную не ўключалі, вечарынкі не ладзілі. Паспелі два гады пажыць, а зараз куды падзеліся, не ведаю… Быў у іх яшчэ такі маленькі жоўценькі сабачка. Смешны такі, пародзісты, — расказвае сусед.

Сям’я Піліпца з’ехала адсюль яшчэ да арышту галавы сям’і. Мэра арыштавалі ў верасні, а суседзі кажуць, што ў жніўні тут ужо нікога не было. Зараз сюды наведваюцца толькі следчыя ды спецыялісты па ацэнцы маёмасці.

— Часам сюды прыязджаюць машыны нейкія, штосьці робяць, заходзяць унутр… Ацэньваюць, мабыць. Колькі гэта ўсё каштуе, я не ведаю. Але каб набыць тут участак, трэба многа грошай — цэнтр горада ж. Адна зямля тут колькі каштуе, — кажа былы сусед Піліпца.

ДАВЕДКАВіктар Піліпец утрымліваецца пад вартай з 19 верасня 2012 года. Следчы камітэт арыштаваў яго па крымінальнай справе, заведзенай на кіраўнікоў таго самага УКБ Гомельскага гарвыканкама. Былы мэр абвінавачваецца ў перавышэнні ўлады і службовых паўнамоцтваў па ч. 3 арт. 426 КК Беларусі.Лічыцца, што Піліпец замешаны ў махінацыях з кватэрамі, якія будаваліся з прыцягненнем бюджэтных сродкаў для грамадзян, жыллё якіх падлягае зносу. Папярэдне ўстаноўлена, што 25 кватэр з парушэннем заканадаўства набылі работнікі УКБ, іх сваякі ды знаёмыя па кошце $20 тыс. замест $50 тыс.

Таццяна БУБЛІКАВА
Фота Дашы САПРАНЕЦКАЙ

Exit mobile version