9 жніўня — трэція ўгодкі сфальсіфікаваных у 2020 годзе выбараў у Беларусі. У гэты дзень беларусы даведаліся, што рэжым гатовы на ўсё дзеля захавання ўлады Лукашэнкі. Але, на нашае шчасце, гэта было не адзіным нашым адкрыццем. Мы даведаліся, што мы ёсць адно ў аднаго. Разумныя, прыгожыя, таленавітыя і проста неверагодныя.
9 жніўня 2020 году ў нас скралі наш выбар, сотні чалавек загінулі, тысячы ў турмах, а сотні тысяч беларусаў былі вымушаныя пакінуць сваю краіну з-за пераследу рэжымам. Мы зрабілі свой выбар, прагаласаваўшы за свабодную Беларусь, але нам адказалі масавымі рэпрэсіямі, звальненнямі, арыштамі, гумовымі кулямі, святло-шумавымі гранатамі і вадамётамі. Нас аб’явілі экстрэмістамі! Падзяліўшы сем’і, разграміўшы кватэры, пазбавіўшы нас радзімы!!
Цяпер мы ў вымушанай эміграцыі. Па апошніх звестках больш за 300 тысяч чалавек пасля так званых выбараў былі вымушаны эвакуявацца ў бяспеку, каб захаваць сем’і, сваю свабоду і жыццё. На жаль, сотні людзей былі забітыя тэрарыстамі, якія ў 1996 годзе захапілі ўладу. Раман Бандарэнка, Аляксандр Віхор, Вітольд Ашурак, Алесь Пушкін і многія іншыя, гонар Беларусі. Светлая памяць! Назаўжды ў нашых сэрцах! Мы не забудземся, не даруем тым, хто ўзняў на нас зброю, тых, хто сфальсіфікаваў выбары, хто кожны дзень хлусіць і падтрымлівае гэты тэрарыстычны рэжым!!
Менавіта 9 жніўня 2023 году, на МАРШЫ «ДЗЕНЬ ГОДНАСЦІ», нас зноў будуць дзясяткі тысяч у гарадах Еўропы, мы ёсць, і нас не зламаць!
Мы — галасы, прадстаўнікі і абаронцы тых, хто зараз знаходзіцца ў турмах і ў тым канцлагеры, у які рэжым ператварыў нашу Беларусь, мы — беларусы, і мы патрабуем: Лукашэнка і яго банду — пад суд у Гаагу!!
Жыве Беларусь! Слава Украіне! Ačiū, Lietuva!
МАРШ «ДЗЕНЬ ГОДНАСЦІ»
Месца: Катэдральная плошча, Вільня, Літва
Пачатак: 18:00
Перфоманс тэатра-студыі «Жывыя скульптуры», выступленні беларускіх музыкаў.