Павел Левінаў — адзін з удзельнікаў фотасесіі на фоне графіці «з птушкамі і клеткамі». Гэтую фотасесію віцебская міліцыя кваліфікавала як несанкцыянаванае пікетаванне. Семярых ўдзельнікаў пазналі па фатаздымках, размешчаных у інтэрнэце, шасцёра з іх ужо асуджаныя. У судзе Чыгуначнага раёна Віцебска ідзе апошні судовы працэс па гэтай справе – над праваабаронцам Паўлам Левінавым.

12 снежня разгляд справы Паўла Левінава доўжыўся каля гадзіны. Вяла паседжанне суддзя Алена Цыганкова. Раней менавіта яна асудзіла чатырох удзельнікаў фотасесіі. Яшчэ двух чалавек асудзіў Дзяніс Губанаў, суддзя таго ж Чыгуначнага райсуду. Удзельнікаў фотасесіі прызналі правапарушальнікамі за фотаздымкі на фоне графіці – малюнка трох жалезных клетак, з якіх вылятае на волю птушка, зробленая з газеты.

На судзе Павел Левінаў спрабаваў давесці, што фотасесія – гэта не пікетаванне, што фатаграфавацца нікому не забаронена і нават папрасіў дадаць да матэрыялаў справы фотаздымкі з уласнага архіву, зробленыя ў розных абставінах. Таксама Павел Левінаў прасіў далучыць да справы фотаздымкі з акцыі, якую замежныя журналісты правялі ў Брусэлі дзеля падтрымкі віцебскіх калег -яны таксама сфатаграфаваліся з папяровымі кветкамі і птушкамі, зробленымі з газеты. А яшчэ трымалі ў руках шыльдачкі з надпісам «Хіба гэта злачынства?» Але суддзя вырашыла, што гэтыя матэрыялы да справы дачынення не маюць. Маёр міліцыі Аляксандр Рыбакоў, складальнік пратаколаў на ўдзельнікаў фотасесіі, падтрымаў яе рашэнне.

Праваабаронца некалькі разоў абвяшчаў адвод суддзі Алены Цыганковай і нават напісаў скаргу на імя старшыні суда з просьбай «вярнуць суддзю ў прававое поле». Але спадарыня Цыганкова на адводы не пагадзілася.

Двойчы Павел Левінаў хадайнічаў, каб матэрыялы справы вярнулі ў РАУС Чыгуначнага раёна на дапрацоўку, бо маёр міліцыі Аляксандр Рыбакоў парушыў заканадаўства. У прыватнасці, ён склаў пратакол правапарушэння ў адсутнасць Паўла Левінава – у той час, калі праваабаронца быў у ад’ездзе і папярэджваў пра гэта міліцыянта.

Такім чынам, супрацоўнік міліцыі пазбавіў Левінава ягонага законнага права на абарону, бо якраз падчас гэтай паездкі ён меркаваў заключыць дамову з адвакатам. А таксама права даваць тлумачэнні, знаёміцца са справай да перадачы яе ў суд.

Суддзя Алена Цыганкова не пагадзілася і на гэта. Але прыняла хадайніцтва наконт удзелу ў парацэсе адваката, з якім Павел Левінаў заключыў дамову. Таму працэс перанесены на 9 раніцы 17 снежня.

Справу за фотасесію «з птушкамі і клеткамі» распачалі з ініцыятывы начальніка аддзелу аховы правапарадку і прафілактыкі абласной міліцэйскай управы Аляксандра Каліноўскага. Ён даў загад, каб РАУС Чыгуначнага раёна «разабраўся» з журналістамі і актывістамі, якія сфатаграфаваліся на фоне графіці. Фотаздымкі з’явіліся ў інтэрнэце, і гэта стала галоўным аргументам маёра Аляксандра Рыбакова, які складаў пратаколы правапарушэння. На сённяшні дзень па абвінавачанні ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі штрафы атрымалі журналісты Зміцер Казакевіч, Алена Сцяпанава, Кастусь Мардзвінцаў, каардынатарка аргкамітэту па стварэнні партыі БХД Таццяна Севярынец і актывістка таго ж аргкамітэту Алена Шабуня. Выпадковы мінак Пётр Бярлінаў, які далучыўся да фотаснсіі, быў асуджаны на трое сутак арышту.

Источник информации: ПЦ «Весна» 

 

Exit mobile version