Год таму быў выкананы смяротны прысуд над Уладзіславам Кавалёвым і Дзмітрыем Канавалавым. Цягам года Любоў Кавалёва, маці расстралянага Уладзіслава, змагалася за права пахаваць свайго сына.
Бацькі галоўнага фігуранта справы Дзмітрыя Канавалава па сённяшні дзень не ідуць ні з кім на кантакт.
Праваабаронца Павел Левінаў лічыць, што бацькі Канавалава не ідуць на кантакт з-за пагрозаў з боку сілавых структураў:
«Фактычна ўся сям’я Канавалавых пасля арышту Дзмітрыя – гэта старэйшы брат і бацька, былі ўзятыя пад варту, утрымліваліся наколькі я памятаю каля трох месяцаў. На свабодзе засталася толькі маці, жанчына, якая была запужана. Магу толькі здагадвацца, які псіхалагічны ціск ажыццяўляўся на маці, магчыма псіхалагічны, фізічны ціск аказваўся на крэўных Дзмітрыя Канавалава. Магчыма ім нават нешта і абяцалі, што калі яны будуць маўчаць, то жорсткі прысуд сыну не будзе вынесены».
Увесь час судовага разбіральніцтва да моманту выканання прысуду, бацькі Дзмітрыя Канавалава знаходзіліся пад аховай людзей у цывільным. Карэспандэнты Беларускага Радыё Рацыя шмат разоў спрабавалі сустрэцца з бацькамі Канавалава ў Віцебску, але яны дагэтуль не ідуць на ніякі кантакт.
Вольга ЧАРНЫХ
радыё «Рацыя»
Фота Ігара Кармазіна